СВАБОДА, No.12, 20.02.1996 | Віталь Цыганкоў |
НАЦЫЯ РАДЫКАЛАЎЗдаецца, беларусы — сама антыкансерватыўныя людзі ў свеце Сярод усіх стэрэатыпаў, што прышчэпліваюцца нашай нацыі, сама трывалы — гэта міф аб кансерватыўнасці, непарушнасці памяркоўных беларусаў. Пры гэтым паняцце "кансерватар" звычайным абывацельскім разуменнем успрымаецца абсалютна неадэкватна свайму сапраўднаму зместу. Дайшло да таго, што даследнікі і палітолагі ўсур'ёз выводзяць такія паняцці, як "савецкі кансерватызм", "камуністычны кансерватызм" і г.д. У такіх выпадках мне міжволі ўзгадваецца вядомая показка пра Пецьку, які выводзіў слова "кансерваторыя" ад "аднакарэннага" "кансервы". Калі муж забараняе сваёй жонцы насіць кароткую спадніцу — гэта яшчэ не кансерватызм. Кансерватызм — гэта светапогляд, сістэма прынцыпаў і падыходаў, гэта палітычная плыня, якая перамагла ў многіх краінах свету. Кансерватары ў Брытаніі (Тэтчэр, Мейджэр), рэспубліканцы ў Амерыцы (Буш, Рэйган), хрысціянскія дэмакраты ў Германіі (Коль), правыя ў Францыі (Шырак) — вось сама буйныя сучасныя прадстаўнікі сусветнага кансерватызму. Кансерватары вельмі асцярожна ставяцца да абсалютнай свабоды, яны ўпэўнены, што чалавек — істота недасканалая, што грамадства не можа трымацца толькі на хаатычных памкненнях асобных індывідумаў. Людзей павінна нешта добраахвотна аб'ядноўваць для нармальнага і бяспечнага суіснавання — традыцыя, культура, нацыя. Ва ўсім свеце кансерватараў вызначае асаблівая павага да такіх інстытутаў, як сям'я, рэлігія, гісторыя, нацыя, дзяржава, уласнасць, законы. Кансерватарам заўседы процістаялі радыкалы, рэвалюцыянеры, камуністы ў сама розных абліччах, якія імкнуліся ўсё абагульніць, аб'яднаць, зліць — мовы, дзяржавы, культуры, гаспадаркі. Яны не маюць нацыі, называючы сябе альбо "савецкімі", альбо "касмапалітамі", не маюць уласнасці, таму імкнуцца, каб і ў другіх яе не было. Варта толькі ўважліва паасобку прааналізаваць адносіны беларусаў да кожнай з вышэйназваных кансерватыўных каштоўнасцяў, каб зразумець, наколькі далёкія мы ад кансерватызму ў сусветным разуменні гэтага слова. Такім чынам... Рэлігія У гэтай сферы Беларусь вылучаецца сама радыкальным рэфарматарствам, бо ў нашай краіне цяпер фармуецца новая, дасюль невядомая свету фармацыя людзей — "праваслаўныя атэісты". У прынцыпе, калі можна будаваць "рынкавы сацыялізм", значыць, можна быць і "праваслаўным атэістам" — адно другога вартае. Пакуль у нас спрачаюцца наконт суадносінаў у Беларусі каталікоў і праваслаўных, вернікаў і атэістаў, я магу прапанаваць просты і элементарны метад падліку — варта толькі ўспомніць вынікі рэферэндуму. Нагадаю, што 14 траўня больш за 55 адсоткаў ад усіх выбаршчыкаў прагаласавала супраць хрысціянскага крыжа герба "Пагоня" і за пяціканцовую зорку на лукашэнкаўскім савецкім гербе. У кансерватыўнай праваслаўнай традыцыі гэта зорка заўсёды лічылася д'ябальскім знакам — у 1917 годзе многія святары абвясцілі ёй анафему, за што і заплацілі жыццём. Ніводны з сапраўдных праваслаўных ніколі не прагаласаваў бы за такі сімвал — у нас прагаласавала большасць. Дарэчы, прэса паведамляла летась ў траўні, што некаторыя каталіцкія ксяндзы ў сваіх казаннях выступалі супраць прэзідэнцкага герба (гербарыя) якраз з прычыны памешчанай на ім люцыпарскай зоркі. Хто ж тады галасаваў за гэты красамоўна-сімвалічны знак? Атэісты — большасць насельніцтва Беларусі. Нацыя Тут, як кажуць, няма каментароў — усё даўно ўжо сказана. Сям'я і жанчына Можна было б сыпаць лічбамі росту разводаў і памяншэння колькасці шлюбаў. Але, як кажуць, рыба гніе з галавы, таму з тысячы прыкладаў можна прывесці адзін, які ў статыстыку разводаў пакуль не ўваходзіць. Дзе, у якой цывілізаванай краіне грамадзяне падтрымлівалі б прэзідэнта, які адкрыта і амаль напаказ дэманструе непавагу да сваёй законнай жонкі? У якой эўрапейскай дзяржаве яе кіраўнік пакінуў бы сваю "другую палавіну" на вёсцы, сустракаючы замежных гасцей поруч з кіраўніком адміністрацыі? Народ, які ўважае сям'ю за вышэйшую каштоўнасць, даўно б запатрабаваў ад прэзідэнта: "раскажы, што ў цябе не ў парадку: здароўе ці мараль". Калі большасць беларускіх жанчын падтрымлівае прэзідэнта, а значыць, падтрымлівае такія адносіны да "чароўнага пола" — значыць, лепшай долі нашы жанчыны пакуль не заслугоўваюць. Закон Як ставіцца беларуская ўлада да закона і Канстытуцыі, лішні раз можна не ўзгадваць. Аднак заўсёды правіцелі роўна настолькі нахабныя і жорсткія, наколькі ім гэта дазваляе народ. Ботам у рыла б'юць толькі тады, калі ведаюць, што нічога не будзе ў адказ. Парушаць законы ў нашай краіне не толькі прынята, але нават і прэстыжна. Гэтым займаюцца ўсе без выключэння слаі насельніцтва — ад простага калгасніка да няпростага саўгасніка (прэзідэнта). Здаецца, чым больш людзей саджаюць, тым болей расце злачыннасць. Крымінальная свядомасць стала часткай нашага грамадства. У рэстаранах і таксі гучыць турэмная музыка, якая чамусьці называецца "савецкай эстрадай", турэмныя норавы і лексіка распаўзаюцца па ўсёй краіне. У Беларусі 50 тысяч зняволеных на 10 мільёнаў "талерантнага", "памяркоўнага" і г.д. насельніцтва краіны. У Японіі — 40 тысяч на 125 мільёнаў. Гэта страшныя лічбы, якія сведчаць, акрамя ўсяго, пра тупасць і бяздушнасць нашай заканадаўчай і судовай сістэм. Дарэчы, сама нізкі ўзровень злачыннасці назіраецца якраз у кансерватыўных краінах, якія заўсёды імкнуліся захаваць свае традыцыі і культуру — Брытанія, Ісляндыя, Японія, Нарвегія. А больш за ўсё забойстваў на душу насельніцтва ў ЗША і Расеі — дзяржавах, дзе ў адзіны кацёл зліваліся сама розныя нацыі і культуры. У беларускіх вёсках ніколі не зачынялі дзверы, пакуль не прыйшла эпоха "дружбы народаў" і ўсе вакол сталі чужымі. Чым больш мы будзем не савецкімі, а самімі сабой, тым менш мы будзем злачынцамі. Культура, гісторыя, уласнасць Сяргей Дубавец адну з сваіх калонак назваў "Базавы інстынкт". Аўтар сцвярджаў, што галоўны інстынкт беларусаў — гэта адмаўленне ад усяго свайго: культуры, гісторыі, уласнасці, нацыі, і імкненне ўліцца ў чужое. Дадаць тут фактычна няма чаго. ...Атрымліваецца, што беларусы — сама антыкансерватыўная нацыя. Мы не шануем нічога свайго, імкнемся куды-небудзь уліцца, аб'яднацца, растварыцца. Сям'я, рэлігія, закон, нацыя, дзяржава, уласнасць — для большасці насельніцтва гэта, па сутнасці, пустыя словы. Мы выбіраем сабе прэзідэнта за ягоныя рэвалюцыйныя лозунгі і абяцанні ўсё перамяніць, абіраем у парламент сама радыкальную — камуністычную — партыю, і думаем, што нас пакінуць у спакоі. Забаўна, але сярэдні беларус сваімі ж рукамі робіць усё, каб аддаліцца ад свайго ж жыццёвага ідэалу — "абы ціха". Ціха ў Эўропе, там, дзе сапраўдныя кансерватары. Мы сваё "ціха" яшчэ не заслужылі. |
Homepage: http://www.geocities.com/cyhankou/ | Vital Cyhankou |