СВАБОДА, No.50, 9.07.1996

Віталь Цыганкоў


У МЕЖАХ ПРЫСТОЙНАСЦІ

Не варта спадзявацца, што Расея пачне ратаваць нашу дэмакратыю

Вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Расеі прынеслі зразумелы і апраўданы сітуацыяй уздых аблягчэння ў значнай часткі беларускага насельніцтва. Некаторыя найбольш наіўныя грамадзяне цяпер напаўняюцца надзеяй, што «перамога дэмакратыі» ў нашага ўсходняга суседа аўтаматычна мусіць прынесці свой станоўчы плён і ў Беларусі.

Самымі папулярнымі ў гэтых спадзяваннях з'яўляюцца наступныя думкі: па-першае, Лукашэнка нібыта вымушаны будзе праводзіць рынкавыя рэформы, па-другое, Лукашэнка нібыта вымушаны будзе хоць у нейкай ступені прытрымлівацца дэмакратычных правілаў.

Здаецца, даўно можна было зразумець, што сучасная (у тым ліку і расейская) палітыка кіруецца выключна нацыянальна-стратэгічнымі інтарэсамі, а не нейкімі ўяўнымі ідэаламі. Зрэшты, гэта асабліва слушна для вялікіх дзяржаваў, якія часам прыкрываюць барацьбу за ўласныя інтарэсы фразеалагізмамі тыпу «абарона дэмакратыі», «падтрыманне міру» і г.д. Зюганаў, здаецца, прайграў выбары найперш з прычыны свайго ідэалагічнага «кляйма»: афіцыйная дэмакратычная прэса пераканала расейцаў, што ён «камуніст», а не «патрыёт». Ельцын, у сваю чаргу, ніяк фактычна не акрэсліваў уласную палітычную «мянушку», а дэмакратамі сёння ў Расеі называюць сябе ўсе без выключэння.

Сёння няма ніякіх падставаў спадзявацца, што расейская ўлада па нейкіх абстрактных ідэйных прычынах пачне падтрымліваць беларускую апазіцыю — ці то ліберальную, ці нацыянал-дэмакратычную. Для Расеі стратэгічна выгадна бачыць у Беларусі лаяльны да Масквы палітычны рэжым, які б забяспечваў ці хаця б не перашкаджаў замацаванню на гэтай зямлі расейскіх эканамічных і геапалітычных інтарэсаў.

Калі ў Ельцына хопіць інтуіцыі і палітычнага вопыту, ён ацэніць рэальную пагрозу, што зыходзіць ад «маладога палітыка», і будзе трымаць Лукашэнку на пэўнай адлегласці. Сапраўды, калі «малодшы брат» час ад часу траціць пачуццё рэальнасці, яго трэба ставіць на месца, даваць яму паказальна-публічныя «ўрокі дэмакратыі». Але «ўрокі» не настолькі сур'ёзныя, каб пахіснуць уладу беларускага прэзідэнта.

Расея, на маю думку, ні ў якім разе не падтрымае дэстабілізацыю існуючага рэжыму. Тым больш сёння ў Беларусі пакуль не бачна яркай і прымальнай для большасці насельніцтва палітычнай фігуры, якая склала б рэальную альтэрнатыву Лукашэнку. Расея патраціла максімум намаганняў і матэрыяльных рэсурсаў, каб забяспечыць прыход да ўлады прамаскоўскіх палітыкаў у Азербайджане і Грузіі, каб паўплываць на сітуацыю ў Летуве і Латвіі. Было б вяршыняй глупства з боку Крамля рабіць падкопы пад самы адданы прарасейскі рэжым Лукашэнкі.

Пэўныя непрыемнасці прэзідэнт Беларусі будзе мець з расейскай дэмакратычнай прэсай, якая, безумоўна, пасля заканчэння прэзідэнцкіх выбараў стане больш разняволенай і крытычнай у ацэнках «кіраўніка ССР». Але і на гэтым фронце Лукашэнка ўжо рыхтуе апераджальны ўдар у выглядзе рэферэндуму. Пашырэнне NАТО — бадай, самае балючая на сённяшні дзень знешнепалітычная праблема для Расеі. І тут, калі напружанне ўзрастае, калі «вялікую дзяржаву» ніхто асабліва не слухае, у «братняй Беларусі» знаходзіцца палітык, які гатовы кінуцца пад натаўскі танк дзеля абароны расейскіх інтарэсаў. Ну як, скажыце, такога чалавека можна не любіць? Якая свалата асмельваецца яго крытыкаваць? Ды за такі гераізм яму трэба зноў дараваць усе даўгі, абы толькі наш Аляксандр Рыгоравіч вытрываў супраць Захаду і нацыяналістаў!

...Лукашэнка заўсёды знойдзе, чым зацікавіць Маскву, прымусіць яе падтрымліваць свой рэжым. У Беларусі яшчэ не ўсё прададзена, аб'ектаў для гандлю больш чым дастаткова. Нават калі б афіцыйную Расею прадстаўлялі высакародныя дэмакраты, яны таксама вымушаныя былі б, хаваючы грэблівую грымасу, прыязна ціснуць руку «этому колхознику». Сённяшнім насельнікам Крамля, не вельмі высакародным і не вельмі дэмакратам, рабіць гэта яшчэ прасцей. Масква ў бліжэйшы час будзе падтрымліваць існуючую ў Беларусі ўладу, турбуючыся зрэдку адно аб тым, каб гэты рэжым захоўваў пэўныя межы прыстойнасці. Застаецца толькі здагадвацца, як у Расеі разумеюць гэтыя межы.

Homepage: http://www.geocities.com/cyhankou/

Vital Cyhankou