СВАБОДА, No.23, 9.06.1995

Віталь Цыганкоў


ТРЭБА «ПАСТУПІЦЦА ПРЫНЦЫПАМІ»,
КАБ НЯ СТРАЦІЦЬ БЕЛАРУСЬ

Ці трэба станавіцца Лукашэнкам, каб перамагчы Лукашэнку?

"Ці трэба стаць Драконам, каб забіць Дракона?" — пакутліва задаваў сабе пытаньне герой аднаго фільма. Інакш кажучы, якія сродкі дапушчальныя ў барацьбе са злом? Ці можна перамагчы зло ягонымі ж мэтадамі? А калі нельга, то якімі іншымі? Пытаньні з разраду вечных і філасофскіх, на якія чалавецтва шукае адказ без асаблівых посьпехаў на працягу ўсёй сваёй гісторыі.

З гэтага пункту гледжаньня барацьба дэмакратаў з Лукашэнкам уяўляецца мне вулічнай бойкай, у якой неабцяжараны ніякімі правіламі бамбіза лёгка распраўляецца з тэарэтычна падрыхтаваным, але практычна бездапаможным інтэлігентам. Інтэлігент нават займаўся боксам і стаў у правільную стойку, аднак хуліган адным ударам нагой ніжэй пояса адправіў суперніка ў накаўт. І вынік заўсёды будзе той самы — пакуль адзін баец робіць толькі тое, што можна, а другі — усё, што пажадае.

У гэтым сэнсе Лукашэнка непераможны, пакуль мае справу з дэмакратамі, якія ніколі ня б'юць ніжэй пояса. Ён непераўзыдзены "вулічны баец". Ніхто ня ўмее, напрыклад, хлусіць так нахабна і самазахоплена, як Лукашэнка. Калі з трыбуны Вярхоўнага Савету ён істэрычна абяцае, што заўтра ж пакажа ўсяму народу відэастужку пра "выдаленьне" дэпутатаў Апазіцыі, ён ужо ў гэты момант ведае, што стужку не пакажа ніколі. Я магу зразумець "пэрспэктыўную хлусьню" (запусьціць заводы, выдаць тэлевізар кожнаму ўкладчыку, пасадзіць 70 чыноўнікаў і г.д.) — яна разьлічаная на доўгі тэрмін... Але ўмець хлусіць так непасрэдна, "сёньня на сёньня"?! Гэта непаўторна, недасягальна. Пакажыце мне хоць аднаго беларускага палітыка, які здолеў маніць так выбухова-таленавіта, як наш прэзідэнт? Пакажыце іншага такога па-хамску гарэзьлівага артыста, які мог бы сказаць пра свайго былога паплечніка ў прысутнасьці сотняў людзей: "Ну гэты, як яго? Ну ў мяне ва ўпраўленьні інфармацыі працаваў? Ну да, Фядута". Пакажыце мне такога "прагматыка", які расчулена абяцае вэтэранам: "Вы змагаліся за камунізм — вы будзеце жыць пры камунізме," — а праз пэўны час з такой жа зацятасьцю даводзіць экспэртам з МВФ росквіт капіталістычных рэформаў у Беларусі.

Нават калі нехта і захоча стаць такім, у яго нічога не атрымаецца: тое, што нармальны чалавек вымушаны будзе натужліва разыгрываць, для Лукашэнкі — жыцьцё, свая стыхія.

Мяне, аднак, як журналіста сацыяльны фэномэн Лукашэнкі ўжо мала цікавіць, тым больш што падобную зьяву выдатна апісаў вядомы сучасны польскі пісьменьнік Станіслаў Мрожак у эсэ "Прышэсьце хама". Мяне больш цікавіць фэномэн беларускага народа.

Народ павінен адчуць смак сваёй перамогі

Палітычная манэра і стыль паводзінаў Лукашэнкі здаваліся многім сьмешнай і нязграбнай пародыяй на палітыку. Здаваліся да таго часу, пакуль ня стала зразумелым, што гэтае блюзьнерства вельмі падабаецца шырокім масам. Сама небясьпечнае, што нехта і цяпер не жадае гэтага разумець, імкнучыся растлумачыць вынікі выбараў і рэфэрэндуму манапалізацыяй СМІ і адным ідыёцкім прапагандысцкім фільмам. Калі людзі, паглядзеўшы кіно пра "паліцаяў" і "паэтаў", адмаўляюцца ад мовы і нацыянальных сімвалаў, — рэч ня ў фільме. Рэч — у людзях, іхным інтэлектуальным і духоўным узроўні, у іх разуменьні свабоды і адказнасьці. Цяпер — не 70-я гады, праўдзівую інфармацыю можна знайсьці: ёсьць радыё "Свабода", некалькі незалежных газэт. Было б жаданьне — але яго якраз і няма.

Народ — ці, дакладней, выбаршчыкі — ужо ня першы раз настойліва паказвае, як і дзе ён хоча жыць. Доказаў гэтаму процьма: ад сацыялагічных дасьледаваньняў (больш за 60% жыхароў Беларусі жадаюць аднаўленьня СССР) да рэфэрэндуму, парламанцкіх і прэзідэнцкіх выбараў. Савецкія і сацыялістычныя памкненьні грамадзян нашай краіны выявіліся дастаткова выразна.

А цяпер давайце падумаем, якое мы — 25—30% насельніцтва з культурна-нацыянальна-рынкава-дэмакратычнай накіраванасьцю — маем права перашкаджаць астатнім існаваць так, як яны хочуць. Колькі можна "цягнуць за вушы" у лепшае жыцьцё? Як гаворыцца ў крымінальным кодэксе, няведаньне законаў не вызваляе ад адказнасьці. Калі людзі не разумеюць дэмакратыю, культуру, рынак, незалежнасьць, чаму нехта лічыць, што яны іх заслужылі? За ўсё ў жыцьці трэба плаціць. Увесь парадокс у тым, што найбольш балюча плаціць за "намэклатурны вялікадзяржаўны камунізм" давядзецца якраз ягоным стваральнікам — асноўнаму электарату Лукашэнкі і камуністаў — бедным і неадукаваным пластам насельніцтва. Народ павінен адчуць плён свайго выбару — "камунізм камунізмам вышыбаюць".

Калі людзі, што месяцамі не атрымліваюць зарплаты, убачаць пустыя паліцы, яны захочуць на вячэру зьесьці абед прэзідэнта і з гэтым жаданьнем выйдуць на плошчу. Калі ў выніку любой формы інтэграцыі з Расеяй Беларусь запалоняць "бізнэсмэны" — каўказцы і сярэднеазіяты, а рыначнікі Расеі пачнуць закрываць нашыя нерэнтабэльныя заводы — магчыма, нехта ўспомніць пра незалежнасьць і нацыяналізм.

Гэта, безумоўна, жорсткі і балючы выбар, але іншага няма. Нельга спадзявацца, што народ у адзін трагічны дзень раптам паразумнее і "паправее". У момант узрушэньняў паварот да іншай сілы адбудзецца таксама даволі несьвядома і пры ўмове, што гэтая сіла будзе мець канкрэтную і зразумелую альтэрнатыву дзеяньняў і асобаў. Калі дэмакратычныя сілы ня маюць магчымасьці сур'ёзна ўплываць на палітыку, яны павінны ўзяць паўзу для перагрупоўкі сваіх шэрагаў. Лепш у парламанце ня мець аніводнага дэмакрата, чымся іх будзе там дзесяць чалавек для фракцыі.

Дасюль няма пэўнасьці, ці не было памылкай знаходжаньне апазіцыі ў парламанце пасьля забароны рэфэрэндуму ў 1992 годзе. Дваццаць чалавек нічога не вырашалі, затое Кебіч, а за ім Лукашэнка даказвалі нашаму "мудраму" народу, што менавіта БНФ не дае ім ашчасьлівіць людзей. Няма цяпер ніякай практычнай патрэбы ўдзельнічаць у выбарах мясцовых Саветаў: па-першае, яны не адбудуцца, па-другое, там, дзе адбудуцца, дэмакраты не перамогуць, і, па-трэцяе, там, дзе яны раптам перамогуць, ня будуць мець магчымасьцяў нічога зьмяніць. Дэмакратам лепш адысьці пакуль што з бруднага поля бітвы, дзе лупяць ніжэй пояса і якое па злой іроніі гісторыі называецца "беларуская палітыка". Няхай там змагаюцца вартыя адзін аднаго супернікі — Лукашэнка і камуністы. Гэта будзе страшнае, але займальнае відовішча. У тэалогіі гэта называецца "зьмяя паядае свой хвост".

Стварыць сабе ворагаў і зацята зь імі змагацца — галоўны прынцып палітычнай стратэгіі Лукашэнкі. Бяз гэтага ён бездапаможны. Таму галоўнае цяпер — ня даць яму ніякіх падстаў пераключаць агрэсіўную энэргію натоўпу на дэмакратаў. А бязь іх, бяз гэтага вечнага громаадвода, Лукашэнка сам народзіць і выгадуе сваю пагібель. І гэта ўжо пачынаецца. Левай, прасавецкай і камуністычнай фразеалогіяй Лукашэнка паспрыяў посьпеху камуністаў на выбарах, а яны, як вядома, выступаюць за скасаваньне пасады прэзідэнта. Ігнараваньнем законаў Лукашэнка даб'ецца толькі таго, што нехта захоча "праігнараваць" і яго. Гэта можа адбыцца ў любой форме, нават сама нецывілізаванай, і тут задача быць заўсёды гатовымі ўзяць кантроль над сітуацыяй у свае рукі.

Адэкватны адказ

Я ні ў якім разе не прапаную дэмакратам спыніць усялякую дзейнасьць. Гаворка ідзе толькі пра няўдзел у любых формах палітычнай улады. Жыцьцё ж не абмяжоўваецца палітыкай, і мы павінны змагацца, трымацца за тое, што ў нашых сілах адстаяць, — мову, незалежнасьць, законы, культуру, інтэлект, адукацыю... Добраахвотны адыход на нейкі час ад ілюзій палітыкі дазволіць нават пераключыць масу энэргіі на іншыя, ня менш важныя справы. "Найперш дбайце пра сябе, тады і для іншых нешта застанецца", — гаварыў мысьліцель. Кожны мусіць рабіць сваю справу: разьвіваць уласны бізнэс, ствараць новыя незалежныя газэты, засноўваць беларускія гімназіі, пісаць падручнікі, пашыраць колькасьць сяброў дэмакратычных арганізацыяў...

Падазраю, што ў чытача можа ўзьнікнуць адно сур'ёзнае "але". Але — што рабіць, калі Лукашэнка захоча пераступіць тую рысу, якая аддзяляе звычайны аўтарытарызм ад дыктатуры? На гэта павінен быць дадзены адэкватны адказ. Адэкватны адказ — гэта калі б на наступны дзень пасьля пабоішча ў зале паседжаньняў Вярхоўнага Савету некалькі невядомых (можна ў чорных масках) жорстка і бязьлітасна зьбілі б, напрыклад, выканаўцу той акцыі палкоўніка Цесаўца. Мы павінны навучыцца даваць адэкватныя адказы.

Зьмена стратэгіі

Сур'ёзныя перамены, на маю думку, павінна зьведаць ідэалогія. Ідэя нацыянальнага адраджэньня — не палітычная, а хутчэй культурніцкая. Шырокія масы насельніцтва яе проста ня здольныя зразумець. Адраджэньне, праца над сабой, удасканаленьне свайго духоўнага ўзроўню — ідэя сама сьветлая, але складаная для шырокіх мас. Стваральнікі БНФ аўтаматычна перанесьлі сваё ўспрыманьне жыцьця на ўвесь народ, але 90% беларусаў не чыталі ні Сартра, ні Дастаеўскага, ні Быкава і ня маюць у гэтым патрэбы, як і ў сьвяткаваньні ўгодкаў бітвы пад Воршай ці Грунвальдам. У Беларусі людзей з вышэйшай адукацыяй 12%, а 80% выбаршчыкаў на вёсцы, паводле дадзеных назіральнікаў, не маглі разабрацца з бюлетэнем без дапамогі выбарчай камісіі.

Упэўнены, што вялікай палітычнай памылкай зьяўляецца вылучэньне праблемы мовы паперад праблемы нацыянальнай самасьвядомасьці. Мову трэба вучыць месяцамі, а самасьвядомасьць можа праявіцца пасьля прачытаньня аднаго ўдалага артыкула ці нават ад гонару за спартовую перамогу. Ёсьць нямала людзей, якія мысьляць, дзейнічаюць і галасуюць па-беларуску, але гавораць па-расейску. Калі іх пачынаюць за гэта дакараць, яны інстынктыўна адыходзяць ад нацыянал-дэмакратаў. Чалавек, які мае сьвядомасьць, сам цягнецца авалодаць мовай; іншая рэч — ня ў кожнага хапае цярплівасьці або проста інтэлектуальнага ўзроўню.

Дарэчы, па маім глыбокім перакананьні, адмоўная рэакцыя часткі насельніцтва на беларускую мову — гэта ў нашай сітуацыі проста адмоўная рэакцыя на культуру. Тое ж самае назіралася б, калі замест беларускай мовы і культуры навязвалі б фільмы Фэліні альбо кнігі хоць Бёля, хоць Набокава. Бальшыня выбірае "Дзікую Розу", і з гэтым нельга не лічыцца. Культурная ідэя ніколі не выйграе палітычна. Таму трэба прапанаваць зразумелую для ўсіх і ўсеахопную ідэю стварэньня нармальнага жыцьця. Ідэю Беларускага дома, дзе ўсім знойдзецца месца: рафінаванаму інтэлектуалу і бюракрату, рабочаму і селяніну, прыхільнікам Караткевіча і "Проста Марыі", расейска- і беларускамоўным. Трэба "паступіцца прынцыпамі , каб ня страціць Беларусь. Трэба садзіцца за адзін стол нават з тымі, каму ня хочацца падаваць рукі. Варта зразумець нармальнасьць працэсу: калі ўсьлед за рамантыкамі ідуць грубыя практыкі-прыстасаванцы — навошта чыніць на іхным шляху перашкоды сваімі палітычнымі трупамі?

I, нарэшце, апошняе. Магчыма, варта падумаць нават пра зьмену шыльды. "БНФ" ужо ўбіта ў кволыя глузды нашых грамадзян як сімвал чагосьці агрэсіўнага і скрайняга. Лягчэй і таньней будзе стварыць добры імідж новай арганізацыі, чымся падмаляваць фасад старых структураў. Што да мяне, то найбольш пэрспэктыўнай для нацыянал-дэмакратаў лічу кансэрватыўную плынь, тым больш, што гэтая ніша па нейкай недарэчнасьці ў Беларусі яшчэ дагэтуль не занятая. Сярод беларускіх палітычных сілаў надта многа лібэралаў і (апроч БНФ) зусім няма кансэрватараў і хрысьціянскіх дэмакратаў. Ператварыўшыся ў канкрэтную палітычную партыю, Фронт такім чынам дакажа сваю здольнасьць мяняцца і адэкватна ацэньваць сітуацыю.

Зараз найгоршай рэакцыяй будзе — зрабіць выгляд, што нічога не адбылося і заяўляць, што ўсё рабілася правільна. У такім выпадку Фронту будзе наканаваны лёс вечнай апазіцыі і права фанабэрыста асуджаць народ за ягоную неразумнасьць.

Homepage: http://www.geocities.com/cyhankou/

Vital Cyhankou