СВАБОДА, No.34, 14.05.1996 | Віталь Цыганкоў |
Гэты матэрыял, відаць, цікавы найперш як пэўная гістарычнае сьведчаньне, як напамінак, што тады думала прагрэсіўная грамадзскасьць (у маёй асобе) пра Вярхоўны Савет 13 скліканьня. Гэта быў першы радыкальна-крытычны артыкул пра дзейнасьць новага парляманту. Нажаль, калектыўны дыягназ "глыбокая і хранічная імпатэнцыя" падцвердзіўся ў лістападзе 96-га, падчас канстытуцыйнага крызісу. Мне і самому цяпер цікава ўзгадаць некаторыя факты, напрыклад, пра галасаваньне дэмакратычных дэпутатаў.
ПАРЛАМЕНЦКАЯ ПАМІНАЛЬНАЯМожна не здзіўляцца, калі на наступным мітынгу побач з лозунгам "Далоў Луку!" з'явіцца новы — "Далоў парламент!" Мы ўсе так доўга чакалі станаўлення, "нараджэння" парламента, што баяліся спалохаць яго хоць адным благім словам. Беларускае дэмакратычнае грамадства праводзіла гэтыя "роды" з апошніх сіл і цацкалася з Вярхоўным Саветам, як са свавольным, але родным дзіцём. Незалежная прэса выдавала авансы кіраўніцтву парламента і асобным фракцыям, мы амаль нікога не крытыкавалі, чакаючы, калі ж нашы дэпутаты займуць "свой пачэсны пасад" у структурах улады. Аднак прайшло чатыры месяцы, а Вярхоўны Савет не прадэманстраваў нічога, акрамя сваёй глыбокай і хранічнай імпатэнцыі. Калі зубкі не прарэзаліся за такі час, яны не вырастуць ужо ніколі. І цяпер дэмакратычным сілам варта задацца класічным пытаннем: "За што змагаліся?" Шарэцкі: «Бо я мужык...» ... За апошнія тыдні ў Вярхоўным Савеце ўсталяваўся рытуал, які, напэўна, павінен сімвалізаваць кранаючую еднасць беларускай выканальнай і заканадаўчай уладаў. Паважна аб'язджаючы чыгуннага Леніна, ля галоўнага ўвахода ў парламенцкі будынак спыняецца прэзідэнцкі аўтамабільны картэж. На ганку кіраўніка дзяржавы ўжо сустракае старшыня Вярхоўнага Савета. Аляксандар Лукашэнка і Сямён Шарэцкі доўга і горача ціснуць адзін аднаму рукі, стараючыся адлюстраваць на сваіх тварах добразычлівасць і дружалюбнасць. У суправаджэнні світы ахоўнікаў, ажыўлена і зацікаўлена размаўляючы, прэзідэнт і спікер ідуць у залу паседжанняў. Можна быць упэўненым, што ў гэты дзень работа парламента будзе зладжанай і канструктыўнай... Негледзячы на шырокую вонкава-псіхалагічную распаўсюджанасць такога тыпажу, фігура старшыні Вярхоўнага Савета, на маю думку, мае вялізныя шанцы стаць яркім персанажам народнай палітычнай творчасці. Назіраючы за дзейнасцю Сямёна Шарэцкага, міжвольна ўзгадваецца слова "застой": сапраўды, чымсьці наш спікер няўмольна нагадвае незабыўнага Леаніда Ільіча. Прынамсі, адзін вершык успамінаецца адразу ж: "Брови чёрные, густые, речи длинные, пустые". Падчас некаторых апошніх выступаў Шарэцкага склалася ўражанне, што ён не толькі не піша свае прамовы, але, магчыма, загадзя і не чытае іх. Як толькі заканчваецца "паперка", Шарэцкі выяўляе поўнае няўменне ўдзельнічаць у "жывой" дыскусіі, а яго адказы на дэпутацкія пытанні выклікаюць у лепшым выпадку іронію. Беларускае грамадства ў свой час так доўга і апантана абмяркоўвала ролю і значэнне будучага спікера, што цяпер толькі застаецца здзіўляцца, наколькі несамавітай і палітычна нязначнай аказалася гэта фігура. Дэманстратыўнае яднанне Шарэцкага з Лукашэнкам фактычна ставіць яго палітычны аўтарытэт на адзін ровень з якім-небудзь чыноўнікам прэзідэнцкай адміністрацыі. Як высвятлілася, спікер няздольны зрабіць нічога, што магло б не спадабацца прэзідэнту — нават выканаць пастанову парламента і выступіць па тэлебачанні "з тлумачэнем пазіцыі Вярхоўнага Савета". Публічныя візіты Шарэцкага на прадпрыемствы нагадваюць паводзіны правінцыйнага сакратара райкама, які нечакана атрымаў падвышэнне ў сталіцу, і просіць сваіх памочнікаў арганізаваць яму "сустрэчу з народам". Амаль нулявы рэйтынг старшыні Вярхоўнага Савета сярод насельніцтва — заканамернае і жорсткае сведчанне нездольнасці гэтага чалавека стаць яркім і самастойным палітыкам. Шарэцкаму застаецца толькі роля "вясельнага генерала" на розных міжнародных асамблеях і "добрага і справядлівага дзядулі" — на сустрэчах з ветэранамі. Іміджу спікера можна было б не надаваць такога значэння, каб не адна сумная акалічнасць: у масавай свядомасці ўсялякі калектыўны орган заўсёды персаніфікуецца з яго кіраўніком, так што спікерскі "нуль" аўтаматычна перарастае ў "нуль" агульнапарламенцкі. «Згода»: кожны заўсёды дасць згоду Пра гэтую фракцыю (а дакладней, дэпутацкае аб'яднанне) сказана ўжо даволі многа. Усе чамусьці з нецярплівасцю чакаюць, калі "Згода" разваліцца, разыйдзецца, так бы мовіць, па ідэйна-тэарэтычных перакананнях (нібыта яны ў "згоднікаў" ёсць). Аднак выглядае, што гэтая групоўка з кожным днём толькі мацней гуртуе свае шэрагі, аб'ядноўваючыся вакол універсальнай і адзіна для іх прыцягальнай ідэалогіі — ідэалогіі ўлады. "Згоднікі" сапраўды вельмі розныя, і па дробных пытаннях яны могуць зацята змагацца паміж сабой, адстойваючы ўласныя прафесійныя альбо карпаратыўныя інтарэсы. Аднак па прынцыповых праблемах ніводзін з іх ніколі не асмеліцца пайсці супраць "бацькі" — для гэтага трэба было б адважыцца на ўласную палітычную кар'еру, на што пакуль не здольны ніводзін са "згоднікаў". Калі ж нейкі недастаткова свядомы вертыкальшчык пачынае сумнявацца пры галасаванні, за яго спіной адразу з'яўляецца памочнік прэзідэнта Ў.Канаплёў, які сваім гучным крыкам "Галасуем!" "дысцыплінуе" усю фракцыю. (Але яшчэ больш мне падабаецца, калі Канаплёў дае ўказанні праявіць актыўнасць сама ідэйнаму "згодніку" — "Малаховский, выступи!") Так што максімум, на што разлічваюць "згоднікі" — гэта пад'ядаць кадравыя, фінансавыя ды іншыя крошкі з "бацькавага" стала. (...) Дэмакраты: дэмакраты? Апошнія падзеі ў Вярхоўным Савеце прымусілі засумнявацца, што ў Вярхоўным Савеце ёсць сіла, гатовая адстойваць дэмакратыю і незалежнасць краіны. Дэмакраты ў парламенце разам з іншымі дружна ратыфікавапі беларуска-расейскае пагадненне (нагадаем, 166 — за, 3 — супраць, адзін устрымаўся), у якім прадугледжваецца стварэнне наддзяржаўных структур улады, уніфікацыя грашова-крэдытнай і бюджэтнай сістэмы, агульная ахова межаў і г.д. "Грамадзянскае дзеянне", вядома ж, пераконвае сябе і сваіх выбаршчыкаў, што дамова 2 красавіка — усяго толькі дэкларацыя, і што ратыфікацыя адбылася б у любым выпадку. Гэта, канечне, так, але дэмакраты маглі хаця б пацвердзіць прынцыповасць сваёй незалежніцкай пазіцыі. Цяпер жа Лукашэнка, абапіраючыся на вынікі галасавання, будзе сцвярджаць, што ў беларускім грамадстве няма ніякай апазіцыі яго інтэграцыйным намерам. Увогуле, часам ствараецца ўражанне, што "ГД" назвалася фракцыяй чыста для праформы. Некалькі эпізодаў паказваюць, што ў "Грамадзянскім дзеянні" няма не толькі цвёрдай дысцыпліны, але і нейкай агульнай стратэгіі. Пытанне аб недаверы ўраду: Ганчар, Шушкевіч — "за" недавер, Лябедзька — "супраць". Зацверджанне Агальца: Дабравольскі — "супраць", Клімаў — "за" (цяпер Клімаў увогуле выйшаў з фракцыі — трэба думаць, каб не хвалявацца за свой бізнес). Зацверджанне Віннікавай: Шлындзікаў запісаўся выступіць "за", але не далі — надта многа было жадаючых. Забаўная сітуацыя: намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі падтрымлівае кандыдатуру, супраць якой так рашуча выступае старшыня гэтай партыі — Багданкевіч. Што зробіш? — "Амкадору" жыць трэба. "Грамадзянскае дзеянне", а тым больш сацыял-дэмакратычная фракцыя "Саюз працы" так імкнуцца спадабацца пракамуністычнай і прарасейскай большасці, што, здаецца, пачынаюць забывацца на свае асноўныя прынцыпы (калі яны ў іх ёсць). Гэтыя дзве фракцыі амаль фатальна баяцца, што іх назавуць апазіцыйнымі — у выніку яны ўжо мала чым адрозніваюцца ад іншых дэпутатаў. Атрымалася, што тыя 20-25 % беларускіх грамадзян, якія на рэферэндуме выступалі супраць нават эканамічнай інтэграцыі з Расеяй, а на парламенцкіх выбарах галасавалі за БНФ, у сённяшнім парламенце ніяк не прадстаўлены. Арыентуючыся на большасць, дэмакраты (хочацца ўжываць гэтае слова без ганебнай прыстаўкі "гэтак званыя") тым самым адрываюцца ад сваіх, напрыклад менскіх, выбаршчыкаў, якія накіравалі іх у Вярхоўны Савет адстойваць незалежнасць і дэмакратыю. (...)
|
Homepage: http://www.geocities.com/cyhankou/ | Vital Cyhankou |