СВАБОДА, No.41, 7.06.1996

Віталь Цыганкоў


НАРОДЖАНЫ Ў БЕЛАРУСІ

Каму ў Беларусі жыць добра

Ты нарадзіўся на гэтай зямлі, у Беларусі. Які твой лёс, кім ты можаш стаць, дзе выявіш свае здольнасці і характар? У чым тваё прызначэнне, які крыж несці табе ў жыцці? Куды цябе завядзе беларуская сцежка?

Хачу прапанаваць свой варыянт гісторыі і сацыялогіі нашай краіны ў афарыстычнай форме. Такім чынам, ты нарадзіўся ў Беларусі...

Добра нарадзіцца ў сям'і творчай інтэлігенцыі

З дзяцінства ты прывучаны, што нікому не патрэбны. Пакуль бацькі займаюцца творчасцю і сямейнымі скандаламі, ты можаш спакойна прапускаць заняткі і чытаць забароненыя кнігі. Ты — «рэч у сабе», твае планы невядомыя нікому, сэнс твайго жыцця — загадка для цябе самога. Табе хочацца жыць добра і прыгожа ўжо цяпер, таму неабходнасць нечага дабівацца выклікае толькі горкае раздражненне. Падчас чарговай сваркі з бацькамі ты кідаеш ім недзе вычытаную «амерыканскую» фразу: «Калі вы такія разумныя, чаму вы такія бедныя?»

За сваё жыццё ты паспрабуеш дзесяткі тусовак: хіпі, футбольныя фанаты, «адраджэнцы», — папрацуеш мастаком-афарміцелем, журналістам, брокерам, рэкламным агентам і г.д. Сёння, калі не спіўся ці не скурыўся «наркотай», ты граеш дзе-небудзь у рэстаране, займаешся перакладамі з замежных моваў, у лепшым выпадку — бізнесам, альбо працуеш за мяжой, як кажуць, «не па спецыяльнасці». Пры гэтым пішаш «у стол» і чакаеш часоў, калі мастацтва і культура стануць каму-небудзь патрэбнымі, каб заняцца любімай справай.

Добра нарацзіцца ў рабочай сям'і

«Жыццёвыя ўніверсітэты» ты праходзіш шмат хутчэй за іншых равеснікаў. Курыць ты пачаў у 11, піць — у 14, а ў 16, падпільнаваўшы момант, калі бацькоў не было дома, «блізка пазнаёміўся» з 20-гадовай суседкай. Пакуль па тэлевізіі вяшчаюць аб «рабочых дынастыях», твой бацька, як разумны чалавек, гаворыць: «Вучыся, сынок, а то будзеш гарбаціцца на заводзе, як я». Але вучыцца табе цяжка і неахвота, а прыклад тваіх бацькоў назаўсёды адбівае жаданне станавіцца «яго вялікасцю рабочым класам».

Яшчэ ў школе ці ПТВ, пакуль іншыя б'юцца «раён на раён», ты пачынаеш гуляць на грошы, займацца фарцоўкай, спекуляцыяй. Калі табе не пашанцавала патрапіць у спартовую секцыю, у цябе найлепшы шанц апынуцца ў «благой кампаніі». У крытычнай сітуацыі старэйшыя і больш спрактыкаваныя таварышы падставяць цябе як галоўнага завадатара групы. Пасля «зоны» ты ўжо не захочаш станавіцца звычайным грамадзянінам, тым больш што на волі «крыміналу» ёсць чым заняцца.

Зрэшты, сёння табе хапае і дастаткова легальных формаў актыўнасці: менавіта з такіх, як ты, нараджаецца наша своеасаблівая дробная буржуазія. Менавіта ты сядзіш у кіёсках, возіш вялізныя торбы з Польшчы і Турцыі, займаешся «ахоўнымі паслугамі». У цябе ёсць грошы, але ніколі ўжо не будзе культуры, затое сваіх дзяцей ты напэўна пагоніш у лепшыя ўніверсітэты.

Добра нарадзіцца ў сярэдняй сялянскай сям'і

З дзяцінства ты ўспрымеш простыя і зразумелыя ісціны, якіх не трэба падвяргаць сумненню. Ты заўсёды будзеш ведаць, чаго табе трэба, бо для пастаноўкі надарэчных пытанняў аб сэнсе жыцця проста няма часу. Універсальны жыццёвы прынцып тваіх бацькоў «Не высоўвайся!» беспамылкова падкажа табе, што вышэй галавы лепей не скакаць. Не ты выбіраеш дарогу ў жыцці, яно само выбірае за цябе: школа, войска, жаніцьба — усё «як у людзей». Занятак ты возьмеш трывалы, надзейны, які, як табе здаецца, дае магчымасць пракарміць сям'ю: завод, аўтапарк, міліцыя, войска. Перасяліўшыся ў горад, ты хочаш стаць падобным на яго жыхароў, а таму не любіш усё, што звязана з вёскай: традыцыі, мову, песні. Пры любых палітычных рэжымах табе ледзь хапае на хлеб і гарэлку, але ты супакойваешся тым фактам, што такіх — большасць.

Зрэшты, магчымы і іншы, аптымістычны варыянт: школа з залатым медалём, інстытут з чырвоным дыпломам, сумленная праца на заводзе, у НДІ ці ў камсамоле. Ты не ведаеш сумненняў, працуеш локцямі і таму перамагаеш. Гадоў праз 5—7 здзяйсняецца першая частка «беларускай мары» — кватэра ў Менску. Галоўнае — слухацца начальства і старанна выконваць усё, што ад цябе патрабуецца. Глядзіш — наступае момант, і ты сам становішся начальнікам. Перад табою ззяе светлы прыклад сялянскіх дзяцей — ад усіх сябраў Палітбюро да першага беларускага прэзідэнта.

Добра нарадзіцца расейцам

Звычайна ты жывеш у вялікім горадзе ў сям'і навуковай і тэхнічнай інтэлігенцыі альбо высокакваліфікаванага рабочага. Калі летам большасць аднакласнікаў едзе на вёску, цябе адпраўляюць у лагер альбо пакідаюць ў горадзе — вёска вашай сям'і далёка ў Расеі. Твая нацыянальнасць у дзяцінстве праяўляецца толькі адным спосабам: дзякуючы ёй табе даюць права не вучыць беларускую мову. Потым, на кафедры, у НДІ ці ў КБ, табе пачынае здавацца, што «нацыянальны фактар» дзейнічае: пры «прочих равных» аддадуць перавагу беларусу. Цябе гэта абурае як чалавека, які ў любой саюзнай рэспубліцы прывык адчуваць сябе дома.

Калі пачынаюцца перамены, ты, як інтэлігентны чалавек, успрымаеш беларускае адраджэнне і суверэнітэт «у прынцыпе станоўча», хоць і своеасабліва: «беларускую мову падтрымліваю, але вучыць не буду», «я за незалежнасць, але разам з Расеяй». На выбарах ты галасуеш пераважна за Кебіча. Лукашэнку не любіш за яго «калхознасць», але падтрымліваеш на рэферэндуме. Рынак зрабіў непатрэбнымі ўсе твае навуковыя тытулы, таму ты альбо працягваеш гібець разам са сваім НДІ, альбо ідзеш у бізнес, дзе зноў адчуваеш сябе «як дома».

Добра нарадзіцца палякам

Звычайна ты нарадзіўся ў вёсцы альбо невялікім заходнебеларускім мястэчку. Ты ходзіш разам з бацькамі ў касцёл, і гэта акалічнасць прыдае табе пачуццё маральнай перавагі над іншымі аднакласнікамі. Фанабэрыю падмацоўвае той факт, што на канікулах ты можаш ездзіць за мяжу, у Польшчу, да сваіх сваякоў, прывозячы адтуль замежныя фанцікі і гумкі.

Твая "польскасць" часам выяўляецца толькі ў асаблівасцях вымаўлення. Мовы і гісторыі ты не ведаеш, але смяротна крыўдзішся на сваіх суайчыннікаў з-за Буга, якія называюць цябе «савецкім палякам». Ты ўдала прабіваешся ў жыцці, становішся старшынёй калгаса ці чыноўнікам выканкама і са здзіўленнем глядзіш на свайго брата, які актыўна займаецца адраджэннем не толькі польскай, але і беларускай школы. Ты не разумееш, навошта ён ходзіць да беларускіх ксяндзоў і арганізоўвае беларускія фэсты, бо сам ты не ходзіш нікуды. Вы жывяце на адной зямлі, але ж вы такія розныя.

Добра нарадзіцца габрэем

Бацькі з дзяцінства прывучаць цябе, што ты не такі, як усе, а суседскія дзеці і аднакласнікі дапамогуць прыняць гэты факт, называючы раз-пораз цябе «жыдом». І хаця гэтым словам тваю нацыю афіцыйна клічуць на большасці моваў свету, ты будзеш лічыць сябе смяротна зняважаным, затаіўшы ў душы вялікую крыўду. Таму ўсё жыццё ты мусіш камусьці штосьці даказваць: ты вучыш урокі, калі астатнія бадзяюцца па двары, ты граеш на скрыпцы, калі таварышы гуляюць у футбол, і ў грошы і прафесію ты верыш больш за сяброўскія адносіны.

Табе рашуча не падабаецца гэты свет, які жыве не па тваіх правілах. Калі здольнасці і характар не дазволяць табе стаць першым (у культуры, бізнесе, мастацтве), ты, натхнёны прыкладамі Маркса, Фройда ці Троцкага, магчыма, захочаш зрабіцца рэвалюцыянерам. Але паколькі ты нарадзіўся ў Беларусі — самай нерэвалюцыйнай краіне, — то застаецца два варыянты: або прыстасоўвацца, або эміграваць.

Добра нарадзіцца ў Беларусі...

Homepage: http://www.geocities.com/cyhankou/

Vital Cyhankou