СВАБОДА, No.48, 4.11.1995 | Віталь Цыганкоў |
СВАБОДУ КВЭБЭКУ!Яны прайгралі. Дакладней, яны ня выйгралі, але гэта значыць - яны прайгралі. Але ці маглі яны выйграць у сьвеце, дзе паняцьці "культура" і "адметнасьць" усё больш лічацца анахранізмам мінулага стагодзьдзя? 30 кастрычніка ў буйнейшай канадыйскай правінцыі Квэбэк (7 з 25 мільёнаў жыхароў усёй краіны) прайшоў рэфэрэндум па пытаньні аб незалежнасьці. У галасаваньні прыняло ўдзел 93 (!) адсоткі ад тых, хто мае права голасу; 50,6 адсоткаў сказалі - "не", 49,4 -"так". Прыкладна 80 адсоткаў жыхароў Квэбэку - франкамоўныя, з іх каля 60 адсоткаў выказаліся за сувэрэнітэт; пры гэтым фактычна ўсе ангельскамоўныя галасавалі супраць. У гэтыя дні ў сродках масавай інфармацыі пачуць што-небудзь станоўчае пра Квэбек было немагчыма. Увесь сьвет прынята палохаць пудзілам развалу СССР і вайны ў Югаславіі - пры гэтым наўмысна "забываюцца" нармальныя, цывілізаваныя формы разьдзяленьня, дзе людзі "пасьля" сталі жыць лепей: югаслаўская рэспубліка Славенія, Чэхія і Славакія, краіны Балтыі. Расейская і англа-амэрыканская прэса дружна практыкавалася ў іроніі і асуджэньні "неразумных сэпаратыстаў". І гэта натуральна, бо са сваёй прагай незалежнасьці квэбэкцы як жывы дакор тым, хто "дазваляе" падобнае імкненьне толькі эканамічна слабаразьвітым краінам падчас усеагульнага ўнутранага крызісу. "Сытыя - і аддзяляюцца?" - такое расейцам і амэрыканцам зразумець немагчыма. Сапраўды, Канада тры з чатырох апошніх гадоў прызнавалася самай багатай дзяржавай сьвету, а Квэбэк - зусім не бяднейшая правінцыя гэтай краіны. Перад рэфэрэндумам канадыйскі ўрад і прэса фактычна шантажавалі квэбэкцаў, абяцаючы ім незьлічоныя эканамічныя беды, санкцыі і ізаляцыю. Супраціўленьне фэдэральнага ўраду дайшло да таго, што эканомныя капіталісты не пашкадавалі грошай для фінансаваньня мітынгаў праціўнікаў незалежнасьці - іх удзельнікі забясьпечваліся бясплатным транспартам і аплачанымі "прагуламі" на рабоце. Усе "перадрэфэрэндумныя дні" BBC і CNN (па нечым недаглядзе іх яшчэ паказваюць па БТ) рабілі рэпартажы пра Квэбэк. Пры ўсёй хвалёнай заходняй бесстароннасьці карэспандэнты не маглі не стрымацца, каб ня выпусьціць колькі зьедлівых эпітэтаў у бок "сэпаратыстаў". Журналісты, безумоўна, давалі слова прыхільнікам абодвух пунктаў гледжаньня, але з пэўнай заканамернасьцю: "сэпаратыстаў" прадстаўлялі пераважна студэнты ды іншыя маладыя людзі, якія гаварылі пра культуру і традыцыі Квэбэку, "унітарыстаў" - часьцей за ўсё бізнэсмэны, якія папярэджвалі пра разрыў сувязяў і страту рынкаў. Калі я слухаў канадыйскіх прадпрымальнікаў, мне чамусьці ўзгадваўся вядомы тэрмін - "прафэсійны крэтынізм". Гэта калі чалавек глядзіць на жыцьцё выключна з пункту гледжаньня сваёй прафэсіі: генэралам падавай войны, журналістам - катастрофы, чыноўнікам - карупцыю, гандлярам наркотыкаў - кліентаў, вытворцам хіміі - чыстыя землі, якія можна загадзіць. Далёка не заўсёды інтарэсы канкрэтнага чалавека ці групы людзей супадаюць з ітарэсамі нацыі, дзяржавы, чалавецтва. Таму я ніколі не ўспрыму бязьмежны духоўны лібэралізм, калі чалавек ставіцца вышэй усяго - Бога, традыцыяў, маралі, гісторыі, нацыі. Свабода кожнага індывіда заканчваецца там, дзе пачынаецца свабода ягонага суседа. Канада ж перастала лічыцца з правам Квэбэку жыць сваім непаўторным жыцьцём. Увогуле, афіцыйная Атава (сталіца Канады) паводзіла сябе з буйнейшай правінцыяй даволі бесцырымонна. Пасьля паразы рэферэндуму 1980 года, калі толькі 40 адсоткаў квэбэкцаў падтрымалі ідэю незалежнасьці, Атава не ратыфікавала заключанае пагадненьне аб пэўных гарантыях для францускай мовы і культуры, а6 культурнай аўтаноміі. Квэбэкцам папросту наплявалі ў душу, не ўспрыняўшы іх усур'ёз. Лідар рэспубліканскай большасьці ў Сэнаце ЗША Робэрт Доўл публічна заявіў: "Ангельская мова зьяўляецца асновай заходняй цывілізацыі". Што завецца, прыехалі. А канадыйцы ды амэрыканцы да апошняга моманту ня верылі, што на іхным цывілізаваным кантынэнце магчымы "сэпаратызм". З усіх бакоў чуецца лямант, што сьвет ахоплівае вірус нацыяналізму. Але, здаецца, мала хто ўсьведамляе, што сёньняшні рост сэпаратных настрояў найперш выкліканы нармальным жаданьнем здаровых нацыянальных арганізмаў процідзейнічаць іншаму, значна больш заразнаму вірусу нашай эпохі - унітарызму, аднолькавасьці. Нібыта ўвесь сьвет паставіў сабе за мэту прыйсьці да нейкага адзінага парамэтру - чалавек карычневай скуры (ня чорны і ня белы), які любіць гамбургеры, песьні Майкла Джэксана і фільмы з Арнольдам Шварцэнэгерам. Любая "агульнадаступнасьць" патрабуе ўсярэдняньня, прымітызацыі, любая "агульная" культура прыводзіць да адсутнасьці культуры. Здаецца, яшчэ трыццаць-пяцьдзесят гадоў такога разьвіцьця - і чалавецтва можа пераўтварыцца ў планету качэўнікаў, якія будуць займацца толькі сваёй канкрэтнай, вузкапрафэсійнай працай, ня ведаючы сям'і, радзімы, нацыі, краіны, рэлігіі. Я не жадаю жыць у такім сьвеце, таму я слаўлю квэбэкцаў - апошніх рамантыкаў нашага стагодзьдзя, - якія паўсталі супраць сусьветнай заразы ўніфікацыі і безаблічча. |
Homepage: http://www.geocities.com/cyhankou/ | Vital Cyhankou |