СВАБОДА, No.77, 11.10.1996

Віталь Цыганкоў


КАНФАРМІЗМ

«Канфармізм — прыстасаванства, пасіўнае прыняцце існуючага парадку, пануючых меркаванняў, адсутнасць уласнай пазіцыі, беспрынцыпнае і некрытычнае прытрымліванне любога ўзору, які валодае найбольшай сілай уціску».
(Савецкі энцыклапедычны слоўнік)

Праца

«Проста і добрасумленна выконваць сваю працу», не асабліва задумваючыся над тым, каму і навошта яна патрэбна, не звяртаючы ўвагі, станоўчы ці адмоўны плён яна прынясе. «Працаваць трэба, а не балбатаць», — гэта гавораць і калгаснікам, і дэпутатам. «Любая праца пачэсная» — гэта не савецкі фантом, гэта беларускі нацыянальны дэвіз. Сам працэс працы важнейшы за яе плён. Чалавек, які зробіць за дзень тое, на што астатнія трацяць тыдзень, выклікае недавер у начальства і нянавісць большасці супрацоўнікаў.

Агульнавядома, што беларусы — вельмі працавіты народ. Ніколі не згаджуся, што мы кепска жывем, бо мала працуем. Мы проста неразумна працуем — неашчадна і неэфектыўна. Кожны, хто бываў у заходніх сем'ях, пераконваўся, што большасць эўрапейцаў на рабоце асабліва не надрываюцца, адбываючы свой устаноўлены час «з 9 да 17». Проста ў іх няма нашага невытлумачальнага, ірацыянальнага ідыятызму, калі адны да палудня капаюць яму, іншыя пасля палудня яе закопваюць. У нас такая «імітацыя дзейнасці» не выклікае пратэсту — «абы плацілі». Там яна немагчымая.

Гляджу нармальны, непрычэсаны рэпартаж з калгасу: «Колькі месяцаў заробак не плацілі? — Сем. — А на што спадзеяцеся? — Ды ні на што ўжо. — Чаму ж тады працуеце? — Як жа гэта: не працаваць?».

Гэта вёска, там для чалавека амаль няма выбару. Але пад лозунгам «працаваць трэба» даволі забяспечаныя людзі набудавалі сабе лецішчаў, дзе немагчыма жыць і адпачываць. Мне здаецца, праз 5-10 гадоў іх пачнуць руйнаваць, каб вызваліць месца для нармальных жылых катэджаў. Звычка «працаваць», а не «думаць» — першы камень у падмурку нашага безразважнага канфармізму.

У нас існуе культ працы, а не яе вынікаў.

Калектыў

Канфармізм выпрацоўваў сваю сістэму каштоўнасцяў, сваю беларускую савецкую мару. Рэдка хто звязваў свой кар'ерны рост толькі з уласнымі прафесійнымі якасцямі — кар'еру можна было зрабіць толькі ў калектыве. Слухайся начальства, рабі, што табе гавораць, асабліва не высоўвайся, але і «не адрывайся ад калектыву» — з усімі ў курылку, з усімі чарачку. Хутка сам станеш начальнікам і дзесяткі менш удалых, спрытных і кемлівых будуць цябе слухацца.

Інтарэсы калектыву заўсёды ставіліся вышэй за інтарэсы асобы, вымагалі ахвяраў і добраахвотнага самаабмежавання. Выслоўе «калектыў ніколі не памыляецца» стала вытокам для жорсткага імператыву «народ ніколі не памыляецца».

Памятаю, як я даволі нечакана адкрыў разыходжанне ў поглядах з людзьмі, з якімі, здавалася б, па ўсіх праблемах была поўная еднасць. Было гэта падчас летувіскіх падзей 1991 года, калі савецкія танкі захапілі Віленскі тэлецэнтр. Тады вядучая навін Таццяна Міткова адмовілася зачытваць у эфіры лжывую афіцыйную інфармацыю аб тых падзеях. У маіх знаёмых, людзей сталага ўзросту, гэта выклікала амаль абурэнне. «Калі яна там працуе, то павінна выконваць усё, што ёй гавораць. Павінна чытаць і няпраўду, і любую дурноту, бо гэта — яе работа. Іначай — хай звальняецца», — пераконвалі яны. Міткова, дарэчы, неўзабаве сапраўды звольнілася, але мяне шакіравала гэта святая ўпэўненасць, што «праца», «загад», «абавязак» вышэй за паняцці «праўда» і «сумленне».

Народ

Рэмарк пісаў пра фашысцкі перыяд гісторыі Нямеччыны: «Сама жахлівае — гэта абывацелі, якія са спакойным сумленнем выконваюць сваю крывавую працу гэтак жа старанна, як яны пілавалі б дровы ці рабілі дзіцячыя цацкі... Зусім нармальныя з выгляду людзі гэтаксама старанна знішчаюць габрэяў, як у іншых умовах займаліся б бухгалтэрыяй. Пасля заканчэння вайны яны зноў стануць санітарамі ў бальніцах, уласнікамі рэстаранаў і міністэрскімі чыноўнікамі, не зведваючы пры гэтым ні найменшага раскаяння за ўчыненыя злачынствы. Не сумняваюся, што яны будуць добрымі санітарамі і гаспадарамі рэстаранаў, нібыта нічога, што адбылося, не было і ў паміне, а калі і было, то цалкам вычэрпвалася і выкуплялася магічнымі словамі «абавязак» і «загад».

Не трэба мець ніякіх ілюзій — канфармізм насаджаецца дзяржаўным апаратам ва ўсіх без выключэння краінах. Кожны палітык і чыноўнік марыць, каб выбаршчыкі і грамадзяне адкрывалі рот толькі для таго, каб усхваляць яго непараўнальныя паслугі перад радзімай. Але дзяржава карыстаецца сваім народам роўна настолькі, насколькі ён гэта дазваляе. У Беларусі мы дазвалялі і дазваляем занадта многа.

Канфармізм усяляк падтрымліваўся дзяржавай, якая прыўлашчвала патрэбных ёй людзей сваёй функцыяй размеркавальніка ўсіх даброт. Калі разглядаць, напрыклад, кватэрную праблему, то часам цяжка пазбавіцца ўражання, што створана яна была наўмысна. Раскулачванне і рассяляньванне штурхнула мільёны вяскоўцаў у гарады, дзе яны сталі паслухмянымі і дысцыплінаванымі «чаргавікамі», цалкам залежнымі ад вялікага і дробнага кіраўніцтва.

Канфармізму падуладныя сама розныя пакаленні. Для старэйшых лозунг «быць як усе», «не высоўвацца» быў ці не адзіным шанцам выжыць, выбіцца ў людзі. Таму іхняе прыстасаванства да абставінаў можна зразумець і апраўдаць гістарычна і генетычна — інакш як «з усім народам» яны жыць проста не могуць, не ўмеюць.

Аднак сённяшнія 23-28-гадовыя апрананаюць на сябе канфармісцкае адзенне выключна дабраахвотна і цынічна, пры гэтым у душы пасмейваючыся над «шчырымі прыхільнікамі» цяперашняй улады. «Ты толькі ўсур'ёз нашы артыкулы не чытай, — гавораць мне знаёмыя хлопцы з прэзідэнцкай газеты. — Там рэдактар часта дапісвае цэлыя абзацы. Мы і самі іх не чытаем, толькі радкі напісаныя лічым». Чаму працуюць? Адказ адзін: грошы. У дзяржаўных цэнтральных газетах карэспандэнты атрымліваюць 4-5 мільёнаў рублёў — больш, чым у любым грамадска-палітычным незалежным выданні. Мяркую, пры адпаведнай змене абставінаў маладыя карэспандэнты беларускага дзяржаўнага тэлебачання з задавальненням выкажуць пра Лукашэнку ўсё, што яны думаюць. Але — телебачанне рэальна адно, таму — «трэба ж недзе працаваць».

Куды ісці?

Сяджу ў парламенцкай сталовай. Побач за сталом чую даволі напружаную і жорсткую размову. Да мяне далятаюць фразы — «куды мы ідзем», «гэта ж будуецца паліцэйская дзяржава», «замучылі сваімі праверкамі, ходзяць як паўдуркі кожны тыдзень». Прыглядаюся да аднаго з суразмоўцаў — ба, гэта ж адзін з міністраў ва ўрадзе таго самага прэзідэнта, які і будуе гэтую паліцэйскую дзяржаву. І я ўпэўнены, што дзе-небудзь за чарачкай з сябрамі, «распаліўшыся» яшчэ больш, гэты міністр нарвецца на лагічнае пытанне: «А што ж ты там робіш?». І адказ яго я ведаю: «А куды ісці?».

Кажуць, што Аляксандар Абрамовіч на частае і зразумелае пытанне «як вы туды трапілі?» адказаў камусьці даволі шчыра: «надакучыла быць бедным». Не ведаю, ці праўда гэта, але ведаю, што ўсе тыя прадстаўнікі ўлады, якіх можна назваць нармальнымі, прыстойнымі — Абрамовіч, Сянько, Марыніч, Сасноў, іншыя — вельмі хвалююцца за свой аўтарытэт, любяць у нефармальнай абстаноўцы сустракацца з журналістамі і дзяліцца сваімі сапраўднымі поглядамі. Так бы мовіць, «для гісторыі», для «ачысткі сумлення» — «гэта не мая праца», «гэты раздзел я не пісаў», «у гэты час я быў у камандзіроўцы» і г.д. Бог ім суддзя, адно скажу: паганае ў іх жыццё. Я б так не здолеў.

...Адзіным выратаваннем ад усеагульнага падаўляльнага канфармізму можа быць толькі дэцэнтралізацыя, раздзяржаўленне ўсіх сфераў нашага жыцця. Людзей з моцнай воляй, якія самі выбіраюць уласны жыццёвы шлях, у любым грамадстве не вельмі многа. У Беларусі, дзе найлепшыя сыны стагоддзямі вынішчаліся і эмігравалі, асобаў, здольных быць «гаспадарамі свайго лёсу», яшчэ менш. Трэба даць астатнім магчымасць выбару, ствараць умовы, каб ім было «куды ісці». Як мага больш недзяржаўнай адукацыі, прэсы, вытворчасці, бізнесу, грамадскіх арганізацый.

Здаецца, асноўнай памылкай 1992-93 гадоў было імкненне паставіць дзяржаву на правільныя, адраджэнцкія рэйкі. Але людзі, прывучаныя хадзіць шыхтамі, пачуўшы новую каманду, паслухмяна разварочваюцца на 180 градусаў. Чыноўнікі, якія праводзілі беларусізацыю, сёння з такім жа стараннем закрываюць беларускія школы. Гэта і ёсць канфармізм: разам з большасцю адстойваць тое, супраць чаго ты раней змагаўся. Толькі здаецца, што можна павярнуць шыхты ў правільным накірунку. На самай справе, калі усе без выключэння ідуць адной дарогай, можна быць упэўненымі, што гэтая дарога ў тупік.

Homepage: http://www.geocities.com/cyhankou/

Vital Cyhankou