СВАБОДА, No.91, 29.11.1996

Віталь Цыганкоў


ЧОРНАЯ КАМЕДЫЯ

Гэта праз некалькі дзён стала горка і балюча. А ў момант абвяшчэння «вынікаў рэферэндуму» яны выклікалі толькі адно пачуццё — здаровы смех.

Памятаю тое прыгнечанае і нават трагічнае пачуццё, з якім я ўспрыняў вынікі галасавання ў траўні 1995 года. Самае жахлівае было разумець, што гэта сапраўды выбар народа. Было адчуванне ўласнага паражэння і пройгрышу.

Уражанне ад цяперашніх «вынікаў рэферэндуму» кардынальна іншае. «Камедыя» — адзінае слова, якое прыходзіць у галаву. Страшная, чорная, трагічная, але — камедыя. Хаця, з іншага боку, толькі рагатаць і засталося — весела альбо істэрычна.

«Рагачы не рагачы, прэзідэнт прыйшоў уначы», — для разумення сітуацыі прапаную гэты вершык уласнай вытворчасці. Паводле афіцыйных дадзеных, 24 лістапада на 18 гадзінаў па ўсёй Беларусі прыняло ўдзел у галасаванні 59% выбаршчыкаў, а ў 22 гадзіны, калі галасаванне закончылася, канчатковая лічба ўдзельнікаў склала ажно 84%. Скажам мякка, вельмі загадкавая сітуацыя, якая, напэўна, ўвойдзе ў гісторыю пад умоўным тэрмінам «начная актыўнасць выбаршчыкаў». На ўсіх папярэдніх выбарах і рэферэндумах у Беларусі пасля 18-ці гадзінаў прыходзіла не больш за 7-9% (і гэта летам, калі людзі ўвечары вярталіся з лецішчаў), а цяпер — ажно 25%.

Але гэта яшчэ не самае забаўнае. Дэпутат Сяргей Калякін прааналізаваў лічбы ўдзелу выбаршчыкаў у тых акругах, дзе адначасова праводзіліся таксама давыбары дэпутатаў Вярхоўнага Савета. Так, у Берасцейскай вобласці з 18:00 да 22:00 у выбарах прыняло ўдзел 7,2%, а ў рэферэндуме 31,5%, у Віцебскай вобласці — у выбарах за гэтыя гадзіны ўдзельнічала 5,8%, а ў рэферэндуме 30,7%. Але рэкорд паставіла сталіца, якая да шасці вечара ўвогуле не прагнула ісці на выбарчыя ўчасткі. Але пасля 18:00 з мінчанамі пачалі рабіцца казачныя метамарфозы. На выбары дэпутатаў прыйшло 8,9%, а на рэферэндум ажно 53,6%. Павалілі, нібы першы снег, які сімвалічна, як знак вечнай беларускай зімы, выпаў у дзень рэферэндуму.

«Бюлетэні за рэферэндум укінулі, а за кандыдатаў — забыліся», — пракаментаваў гэтыя дзіўныя факты С.Калякін. Ён заявіў, што сфальсіфікаванымі з'яўляюцца ад 20 да 50% вынікаў галасавання.

І сапраўды, «вертыкаль» відавочна перастаралася. Я не магу зразумець, чаму б не «намаляваць» больш рэальныя лічбы — хаця б 40-45% падтрымкі шостага пытання (аб выбарах мясцовых кіраўнікоў). Здаровы сэнс дый вынікі сацыялагічных даследванняў паказваюць, што за гэтую прапанову выступае 85-90% насельніцтва. Так што, калі Лукашэнка гаворыць, што такога галасавання яшчэ не было, ён памыляецца — было, у Туркменістане, калі праводзіўся рэферэндум аб падаўжэнні паўнамоцтваў Туркмен-башы. Там таксама днём лічба ўдзелу не перавышала 30 адсоткаў, а праз некалькі гадзін выйшла 98% «усенароднай падтрымкі».

Самымі непрадуманымі з'яўляюцца «вынікі галасавання» па апошнім пытанні: «Ці згодныя вы, што фінансаванне ўсіх галінаў улады павінна ажыццяўляцца галосна і толькі з дзяржаўнага бюджэту?". За гэта выступіла толькі 32,18% прагаласаваўшых. Атрымліваецца, што цяпер не бюджэт, а іншыя структуры (напрыклад, камерцыйныя альбо замежныя) будуць фінансаваць парламент ці Канстытуцыйны суд. З бюджэту іх фінансаваць нельга, паколькі воля народа — самы вышэйшы закон! Канешне, адміністрацыя прэзідэнта даўно ўжо знаходзіцца на балансе самай удалай беларускай фірмы пад назвай «Іван Іванавіч». Цяпер засталося толькі стварыць адкрытае акцыянернае таварыства «Парламент» і закрытае — «Канстытуцыйны суд», падпарадкаваўшы іх той жа кампаніі.

Тое, што рэжыму спатрэбілася не толькі антызаконнае правядзенне «рэферэндуму» (калі ніводзін з апанентаў не атрымаў ні хвіліны на дзяржаўным тэлебачанні), але і прамыя фальсіфікацыі, паказвае, наколькі баяўся Лукашэнка рэальнага волевыяўлення народа. Відавочна, што нас будуць прымушаць жыць па новай, лукашэнкаўскай канстытуцыі. Але настолькі ж відавочны і той факт, што прынята яна незаконным шляхам — пра што заяўляе і ўсё сусветнае супольніцтва. Сёння мы як краіны Балтыі ў 1940 г. — свет не прызнаў іх акупацыю Саветамі, але 50 гадоў краіны Балтыі жылі ў Савецкім Саюзе.

Наступны акт спектаклю таксама няцяжка спрагназаваць — каб пазбегнуць адказнасці, праз некалькі месяцаў Лукашэнка пачне ініцыяваць новы рэферэндум аб якім-небудзь «единении» з брацкай яму Расеяй. (Даўно заўважана, што Лукашэнка — гэта ровар: калі ён спыняецца, то падае). Аднак аб'яднанне такой Беларусі з такой Расеяй увесь свет справядліва расцэніць толькі як адраджэнне таталітарнай імперыі з расавым прысмакам. Таму на гэтым спектаклі гледачы не будуць маўкліва назіраць за вычварнымі выбрыкамі галоўнага рэжысёра. У лепшым выпадку яму купяць білет дадому, у свой правінцыйны тэатр, у горшым — ізалююць як парушальніка грамадскага парадку.

Homepage: http://www.geocities.com/cyhankou/

Vital Cyhankou