СВАБОДА, красавік 1995

Віталь Цыганкоў


«ПРАВА НА ГАНЬБУ»

Чамусьці прынята лічыць, што ў сваёй кіпучай дзейнасьці Аляксандру Лукашэнку няма на каго абаперціся. Трэба, аднак, удакладняць: няма на каго абаперціся сярод прыстойных людзей.

Сапраўды, размову трэба весьці не пра сацыяльную базу прыхільнікаў Лукашэнкі, а хутчэй пра базу псіхалагічную. Інакш кажучы, Лукашэнку падтрымліваюць самыя розныя слаі насельніцтва, аб'яднаныя не ідэйнымі перакананьнямі, а стылем паводзінаў і адносінамі да іншых людзей.

Шматлікія сацыялагічныя дасьледаваньні пераканаўча даказваюць, што апірышчам Лукашэнкі зьяўляюцца бяднейшыя і малаадукаваныя людзі. "Народны заступнік" вельмі трапна і ярка адлюстраваў у сваёй асобе і фразэалогіі тое ачмурэньне, азлабленьне, прагу помсты ўсім "сыценькім і чысьценькім", якая існуе сярод часткі насельніцтва. Пры тым Лукашэнка ня толькі ловіць і агучвае падобныя пачуцьці, ён каталізуе, разьвівае іх. Гэта як на канцэрце цяжкага року, дзе артыст і публіка падсілкоўваюцца неасэнсаванай энэргіяй, што ідзе з залы на сцэну і наадварот. Лукашэнка прыцягвае энэргію злосьці і агрэсіі з усёй Беларусі, і са сцэны (трыбуны) вяртае яе, шматкроць павялічанай, сваім слухачам. У гэтым сэнсе, як гэта кашчунна ні прагучыць, Лукашэнка, бадай, самы "народны" палітык Беларусі.

Прыроду такога фэномэну немагчыма растлумачыць, апэруючы традыцыйнымі паняцьцямі тыпу "даверлівы народ" і "зламысныя кіраўнікі". Безумоўна, усё гэта ёсьць, як і ёсьць панаднасьць да гучных лозунгаў, спадзяваньне на цуд і "добрага дзядзьку", вера ў "свайго хлопца". Але такія людзі - падманутыя і непрадбачлівыя - толькі частка электарату Лукашэнкі. Ёсьць і іншы бок праблемы, пра які не прынята гаварыць журналістам і асабліва палітыкам. Гэта - вечная і таямнічая схільнасьць чалавека да зла і нянавісьці.

Вялікія мысьляры ўсіх эпохаў папярэджвалі, што ў чалавечай прыродзе існуюць такія глыбіні, у якіх лепей ня корпацца, не кранаць іх. Лукашэнка ж першы сярод беларускіх палітыкаў пачаў апэляваць не да розуму, а да падсьвядомасьці, інстынктаў. Ён пачаў гаварыць самыя грубыя рэчы такімі ж словамі, у такім выглядзе, як іх прамаўляюць на вуліцы, у чарзе, у натоўпе. Яшчэ ў перадвыбарчай кампаніі сваімі дзеяньнямі і заявамі Лукашэнка катастрафічна апусьціў узровень маральнасьці беларускай палітыкі. Ён сьвядома гуляў на самых нізкіх пачуцьцях сваіх выбаршчыкаў, надаючы гэтым праявам свабоду і легальнасьць.

Калі кандыдат у прэзідэнты Лукашэнка ўчыняе бойку зь міліцыянтам, які ахоўвае ўваход у будынак, што павінен адчуваць просты чалавек? "Яму - можна, а мне - нельга?" Калі прэзідэнт з трыбуны Вярхоўнага Савету істэрычна зьневажае сваіх апанэнтаў, абзываючы іх самымі грубымі словамі, - ён дае прыклад. Калі прэзідэнт пастаянна нахабна хлусіць, відавочна захапляючыся сваімі здольнасьцямі падманваць? Калі Лукашэнка гаворыць бязглуздыя рэчы пра беларускую мову, ён дае права абмежаваным і неадукаваным людзям не падымацца на ўзровень яшчэ адной вывучанай мовы, а апускаць рэчаіснасьць да ўзроўню свайго разьвіцьця. Ён дае мадэль паводзінаў: усё складанае, незразумелае, усё, што ўзвышае - дрэнь. Калісьці Дастаеўскі ўклаў у вусны галоўнага "беса" Пятра Верхавенскага такія словы: "Расейскі народ можна прывабіць толькі даўшы яму права на ганьбу" ("право на бесчестие"). Ці ня гэтае права дае беларускаму народу ягоны прэзідэнт, калі заяўляе, што адны законы ён будзе выконваць, іншыя - не?

Усімі сваімі словамі і дзеяньнямі Лукашэнка імкнецца пераканаць жыхароў Беларусі, што закон у нашай краіне - нішто, а грубая, неразумная сіла - гэта ўсё. Здаецца, няма ніякай найгоршай фантазіі, якая б не магла ажыцьцявіцца ў Беларусі. "Ну, ён яшчэ і Сярэдзіча здыме", - жартавалі журналісты. Зьняў. "Аўкцыёны не праводзяцца, - можа, інвэстфонды прыкрыць?" - іранізавалі эканамісты. Прыкрыў. Лукашэнка як бы выпрабоўвае ўсіх нас на цярплівасьць і пакорлівасьць. А што, калі ботам па мордзе пысе? Нармальна, прайшло.

Аднак вяршыняй, апагеем (на сёньняшні момант) гэтага "права на ганьбу" стаў бандытызм супраць дэпутатаў Апазіцыі. Лукашэнка пераступіў тую рысу, за якой звычайнае для яго хамства пераходзіць у злачынства - і гэта ўжо будзе таўром на ўсё ягонае жыцьцё. Галоўнае ж, ён зьнішчыў тую маральна-этычную мяжу недазволенага, якая павінна існаваць у кожным нармальным грамадзтве. Цяпер няма ніякіх тармазоў, цяпер усё дазволена. І некаторым асобам гэта падабаецца, яны гавораць: " Правільна, што пакалацілі - навошта ж яны парадак парушаюць?" Калі адны палітычныя лідары абуджаюць у чалавеку стваральныя сілы, гонар, годнасьць, то Лукашэнка прабуджае нізкае, злое, зграйнае.

"Хлеба і відовішчаў!" - патрабавалі рымскія плебеі. Ня маючы здольнасьцяў забясьпечыць хлебам, Лукашэнка ўсю сваю энэргію канцэнтруе на арганізацыі сама нізкапробных відовішчаў. Ён "заводзіць" разьюшаны натоўп, які ўжо гатовы апусьціць вялікі палец уніз, што азначае - "сьмерць гладыятару".

Хрысьціянскія паняцьці дабра і зла былі зьнішчаныя ў галовах савецкага чалавека. Перабудовачныя гады замест камуністычных прынцыпаў стварылі маральную пустату для многіх людзей. "Сьвятое месца пустым не бывае". У тых, хто ня мае духоўнага апірышча, вельмі лёгка стала зьяўляцца новая ідэалогія: непавага да правоў іншых, стаўка на сілу, пошук ворагаў, дзейнасьцю якіх тлумачацца ўсе ўласныя няўдачы. Вядома ж, такі тып людзей - груба агрэсіўныя, малапісьменныя, але надзвычай самаўпэўненыя, якія ня бачаць у сабе ніякіх хібаў і не даруюць недахопаў іншым, - такі тып існаваў заўсёды, ён вечны.

Але толькі цяпер, калі сам кіраўнік краіны мае рысы гэтага тыпу, толькі цяпер ён легалізаваўся, так бы мовіць, "маральна" ўзаконіўся. Цяпер гэты тып зь легендарным гранатамётам шамгае па калідорах улады, наводзячы дрыжыкі на розных там міністраў і дэпутатаў. Булгакаўскія швондары павылазілі з усіх шчылінаў, ствараюць камітэты па абароне расейскай мовы і ачышчэньню ад карупцыі...

Швондары весяляцца, цяпер іхны час.

Homepage: http://www.geocities.com/cyhankou/

Vital Cyhankou