СВАБОДА, No.53, 19.07.1996 | Віталь Цыганкоў |
ДРОБЯЗІ ЖЫЦЦЯЭпізоды, якія перашкаджаюць любіць Радзіму Транспарт Бадай, найбольшыя непрыемнасці ў жыцці звычайнаму грамадзяніну прыносіць наш занадта грамадскі транспарт. Здаецца, у галовах тых, хто ім кіруе, назаўжды замацаваўся класавы падыход да пасажыраў — забяспечыць дастаўку на работу толькі тых, хто пачынае сваю працу ў 8-9 гадзін раніцы. Астатнія катэгорыі насельніцтва, напэўна, прылічваюцца да гультаёў і абібокаў, якія павінны ездзіць на таксі. Пасля таго, як асноўная маса рабочага класа і працоўнай інтэлігенцыі ў лакальных баях адваявала сваё права даехаць да любімых станкоў і пісьмовых сталоў, недзе з 8:40 да 9:30 наступае блаславенная транспартная адліга. У гэты час усе тралейбусы, аўтобусы і трамваі, закончыўшы змену, вялікім статкам цягнуцца з мікрараёнаў у цэнтр, часта «ў дэпо», прымаючы тых пасажыраў-шчасліўчыкаў, каму пашанцавала выйсці з дому ў гэты час. Але потым пачынаецца самае страшнае — «мёртвы час», і прыпынкі грамадскага транспарту можна смела называць «мёртвай зонай». Нашы гарадскія кіраўнікі, відаць, упэўнены, што пасля 10 гадзінаў ужо нікому нікуды ехаць не трэба, таму пускаць транспарт у гэтыя гадзіны яны лічаць непатрэбнай раскошай для дармаедаў. Пекла, якое творыцца ў трамвайных вагонах і тралейбусах, гэтых камерах-душагубках, вартае радкоў Дантэ і карцін Босха. У такія хвіліны кожны з ахвяр гэтай апраметнай ненавідзіць свайго канкрэтнага суседа ды й увесь род людскі. Сантэхніка Яе ахвярай у той ці іншай ступені становяцца ўсе — генералы і рабочыя, настаўнікі і палітыкі, жабракі і мільянеры. Уявіце, што вы нарэшце спраўдзілі адну з сваіх жыццёвых мараў — купілі (атрымалі, абмянялі) слаўную кватэрку. Недаядаючы, недапіваючы, вы ашчаджаецё на рамонт і ўліваеце ў цудоўнае пераўтварэнне вашага дома ўвесь свой паўгадавы заробак. Разваліўшыся на новай канапе, вы летуценна мроіце аб заўтрашнім феерычным святкаванні ўлазінаў... У пяць гадзінаў раніцы вы прачынаецеся ад кропляў бурай вады, што меладычна апускаюцца на ваш яшчэ з вечара задаволены твар. Твар імгненна мяняе сваю настроевую афарбоўку, і вы пераўтвараецеся ў раз'юшанага звера. Па пад'ездзе ўжо бадзяецца каля дзесяці такіх самых развярэджаных істотаў — вашых суседзяў. На пятым паверсе ў адсутнасць гаспадара прарвала нейкую трубу, і ўсе, каму пашчасціла жыць ніжэй, аказваюцца ў часовым балоце. Выклікалі тэхнічную «аварыйку», каб перакрыць ваду ва ўсім пад'ездзе. Праз сорак хвілін рабочыя заявілі, што тут нешта не закручваецца, і зніклі. Вада працягвала цекчы. Міліцыя прыехала праз дзве гадзіны пасля выкліку, але ўзломваць дзверы той кватэры адмаўлялася, заяўляючы, што не мае права. Вада працягвала ліцца. Выратавалі толькі пажарныя. Цяпер шпалеры на кухні трэба мяняць. Вы сядзіце і думаеце, дзе ўзяць на гэта грошы: судзіцца з ЖЭСам альбо зарэзаць каго-небудзь. А галоўнае — поўнае адчуванне бездапаможнасці перад стыхіяй дураты і безадказнасці. Медыцына Больш за ўсё на свеце я не люблю хварэць. Апошнія гады я займаюся выключна самалячэннем, бо не хачу зведваць усе гэтыя блуканні па пакутах шматлікіх кабінетаў, дзе ў кожным другім няма лекаркі, бо яна за сцяной абмяркоўвае з калегай, чаму ім так мала плацяць. «А за што вам плаціць больш?» — хочацца спытаць мне, калі пасля слоў «пачакайце хвілінку» ўрачыха знікае на гадзіну. Зрэшты, тактыка чакання часам прыносіць свой плён: аднойчы мне раптоўна стала вельмі блага, тэмпература дайшла да 40. Пасля таго, як па 03 чацвёрты раз сказалі «едзем», мой сябра выскачыў на вуліцу лавіць любую машыну «хуткай дапамогі». Пакуль ён бясплённа гэтым займаўся, мяне званітавала (гэта было атручэнне) і тэмпература ўпала. Мы зноў патэлефанавалі 03 і сказалі, што дапамога ўжо непатрэбная. «Што — памёр?» — спыталіся там. А нядаўна я зламаў нагу. У прынцыпе, працэс лячэння быў кароткім: загіпсавалі і адправілі дадому. Праўда, праз кожныя шэсць дзён мяне выклікалі ў бальніцу, каб «кантраляваць ход лячэння». Я браў таксі і на мыліцах прыскокваў у патрэбны кабінет. Там у мяне пыталіся, «як ваша нага», і працягвалі на тыдзень «лісток непрацаздольнасці». — «Вы нічога не будзеце глядзець?» — «Не, у вас усё нармальна». — «Навошта ж я сюды прывалокся?» — «Для атрымання медыцынскай даведкі». — «Яна мне непатрэбная». — «Затое нам патрэбная». Гандаль У гэтай сферы за апошнія гады адбыліся такія карэнныя перамены, што, здавалася б, скардзіцца няма на што. Але я, асабліва пасля замежных камандзіровак, ніяк не магу змірыцца з аперацыяй пад кодавай назвай «падлік грошай». За паўгадзіны да закрыцця крамы, менавіта ў той час, калі самыя працавітыя людзі, вяртаючыся з працы дадому, якраз і заходзяць за прадуктамі, большасць касірак пачынае лічыць грошы. У выніку на ўвесь вялікі «супермаркет» працуе адна каса, каля якой выстройваецца вялізная чарга пакупнікоў, што забеглі «на хвілінку» па хлеб ці піва. У гандлярак бананамі і апельсінамі чэргаў фактычна не бывае. Відаць, па гэтай прычыне яны настолькі радыя кожнаму кліенту, што не могуць не абдурыць яго ў знак асаблівай удзячнасці. Вам, канешне, дзіўна, што тры памідоры важаць кілаграм, але вы верыце шалям і шчыраму позірку сімпатычнай прадаўшчыцы. І толькі дома, пасля хатняй «экспертызы», вы пераконваецеся, што куплены вамі «кілаграм» больш падобны на англійскі фунт (454 грамы). Увогуле, «прыжучваць» латочніц — мой любімы занятак. Тут вельмі дапамагае майстэрства хутка і дакладна лічыць «у розуме». Пакуль прадаўшчыца корпаецца з калькулятарам, прыкідваючы, колькі б накінуць чарговаму «лоху», я з індыферэнтным выглядам гляджу па баках, хаця ўжо падлічыў сапраўдную суму. Калі яна, нарэшце, кажа «пятнаццаць дзвесце», я імгненна адказваю: «трынаццаць васемсот — і я вам усё дарую» (Іншыя варыянты: «і ні цэнтам больш», «і я не клічу міліцыю» і г.д.). Рэакцыя бывае розная — ад лёгкага пачырванення да рэплік накшталт «Ды ладна вам» ці «Вам што — шкада?» Як з гэтым усім змагацца Лепшы спосаб перамагчы ўсе падобныя праблемы — гэта стаць багатым і здаровым. Тады вы мусіце ездзіць у аўтамабілі, карыстацца выключна платнай медыцынай, хадзіць у багатыя магазіны і жыць у асобным катэджы, дзе капаць на вас будзе толькі цешча. Калі ж такі варыянт вам чамусьці не падабаецца, выбірайце мацнейшую зброю ўсіх часоў і народаў — іронію. Калі нейкая дама ў трамваі адціснула вам усе карысныя часткі цела, падумайце, што вы ёй спадабаліся, і скажыце пра гэта ўсім пасажырам. Прыйдзіце ў ЖЭС і заявіце, што збіраецеся заснаваць фонд і выдаваць грашовыя прэміі таму, хто нарэшце пазбавіць вас смуроду, што ідзе з прыбіральні. Зайдзіце ў кабінет да лекаркі і спытайце, ці тут фармуюцца групы для адпраўкі на Паўночны полюс. — «Не». — «А што тут робяць?» — «Лечаць». — «Дык можа ў такім выпадку вы мяне прымеце?» Падарыце таксісту пачак цукру і скажыце «На чай». Можа, замест рэшты ён прапануе вам заварку, і вам удваіх стане весела. |
Homepage: http://www.geocities.com/cyhankou/ | Vital Cyhankou |